«СТО ДЗЁН РЭФО́РМ»,
спроба правесці дзярж. рэформы ў Кітаі ў 1898. Пачаліся 11 чэрв., калі імператар Цзай Цянь (больш вядомы як Гуансюй) з маньчжурскай дынастыі Цын выдаў указ «Пра ўсталяванне асн. лініі дзярж. палітыкі». За кароткі час Гуансюй выдаў больш за 60 указаў, падрыхтаваных групай маладых рэфарматараў на чале з Кан Ювэем і Лян Цічао, якія тычыліся сістэмы адукацыі, буд-ва чыгунак, заводаў, мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, развіцця ўнутр. і знешняга гандлю, рэарганізацыі ўзбр. сіл. Ажыццяўленню рэформ супрацьдзейнічала ўплывовая група саноўнікаў, блізкіх да б. рэгентшы імператрыцы-ўдавы Цысі. Рэфарматары падрыхтавалі змову з мэтай ліквідацыі сваіх праціўнікаў, аднак 21 вер. палацавая варта ізалявала Гуансюя ў яго палацы. Было абвешчана пра аднаўленне рэгенцтва Цысі нібыта з-за псіхічнай хваробы імператара. Большая ч. рэфарматараў пакарана смерцю; Кан Ювэй, Лян Цічао і Ван Чжао ўцяклі за мяжу.
Літ.:
Тихвинский С.Л. Движение за реформы в Китае в конце XIX в. и Кан Ювэй. М., 1959.
т. 15, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)